ЭКАЛАГІ́ЧНАЯ ЭКСПЕРТЫ́ЗА,

сістэма комплекснай ацэнкі гаспадарчага або інш. антрапагеннага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. Задачы Э.э.: вызначэнне ўзроўню экалагічнай небяспекі плануемай або ажыццяўляемай гасп. ці інш. дзейнасці, якая можа прама або ўскосна паўплываць у цяперашні час ці ў будучыні на стан навакольнага асяроддзя і здароўе насельніцтва; праверка адпаведнасці праектуемай дзейнасці патрабаванням прыродаахоўнага заканадаўства, вызначэнне дастатковасці і абгрунтаванасці прадугледжаных праектам мер па ахове прыроды. Аб’екты Э.э.: перадпланавая, перадпраектная і праектная дакументацыя; праекты планаў (праграм), асн. кірункаў, схем развіцця і размяшчэння прадукц. сіл і галін нар. гаспадаркі; існуючыя прадпрыемствы, ваен., навук. і інш. аб’екты незалежна ад іх формы ўласнасці; экалагічны стан прыродных аб’ектаў, асобных мясцовасцей, рэгіёнаў і населеных пунктаў. Дзярж. Э.э. на Беларусі вядзецца органамі Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ў адпаведнасці з Законам «Аб дзяржаўнай экалагічнай экспертызе».

Т.​А.​Макарэвіч.

т. 18, кн. 1, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)